Купалаўскі тэатр пакажа свае лепшыя спектаклі на гастролях у Анапе
8 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. На гастролі ў чарнаморскую Анапу адправіцца Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Выступленні вядучай беларускай трупы на сцэне абноўленага Гарадскога тэатра Анапы пройдуць з 25 па 31 жніўня. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы.
Купалаўцы пакажуць жыхарам і гасцям горада-курорта свае лепшыя спектаклі. У гастрольную афішу ўключаны тры пастаноўкі: рэквіем “Вечар” паводле п’есы Аляксея Дударава, пластычны спектакль “С.В.” паводле матываў п’есы Антона Чэхава “Вішнёвы сад” і містычная камедыя “Чычыкаў” паводле “Мёртвых душ” Мікалая Гогаля.
Гастролі арганізаваны па праграме культурнага абмену ў рамках Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расіі і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.-0-