Усе аб мастацтве

Юбілейны 70-ы сезон Беларуская дзяржаўная філармонія адкрые вялікім святочным канцэртам

14 жніўня, Мінск /Юлія Падляшчук - БЕЛТА/. Вялікім святочным канцэртам Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі і Заслужаны калектыў Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла адкрыюць 14 верасня юбілейны 70-ы сезон Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у філармоніі, пачне праграму музыка аднаго з самых папулярных і выконваемых кампазітараў Беларусі Яўгена Глебава. У ліку трох харэаграфічных навел, якія прагучаць у гэты вечар, публіка пачуе знакамітае адажыо з балета “Маленькі прынц”. Два іншыя творы - канцэрт для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна Бетховена і кантата “Аляксандр Неўскі” Пракоф’ева.

Салістамі ў канцэрце Бетховена выступяць дэбютанты мінскай сцэны - салістка Маскоўскай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Юлія Ігоніна, саліст Маскоўскай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Рустам Камачкоў і мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, заслужаны артыст Беларусі прафесар БДАМ Юрый Гільдзюк. За дырыжорскім пультам гэтым святочным вечарам будзе маэстра Аляксандр Анісімаў, юбілей якога музыканты і паклоннікі не толькі ў Беларусі, але і іншых краінах свету адзначаць у гэтым годзе.

У цэлым у юбілейным сезоне на сцэне Вялікай залы філармоніі аркестр прадставіць публіцы пяць канцэртных цыклаў. З іх тры вячэрнія “Маэстра Анісімаў запрашае”, “Шэдэўры сімфанічнай музыкі” і “Летнія сімфанічныя канцэрты”, а таксама два дзённыя цыклы “Уваскрэсенне класікі” і “Іграем з аркестрам”. Пройдуць таксама і канцэрты для студэнцкай моладзі “Музыка - маладым”.

Акрамя таго, аркестр плануе паказаць свае лепшыя праграмы юбілейнага сезона як у абласных цэнтрах рэспублікі, так і за мяжой. Бліжэйшыя канцэрты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі адбудуцца 2 верасня ў Шклове (Дзень беларускага пісьменства) і 6 кастрычніка ў Вільнюсе.-0-




Copyright © 2007 mastaki.com Wordpress themes

augmentin